РУ́ДНЫЯ ГО́РЫ, Крушне-Горы (ням. Erzgebirge, чэш. Krušné hory). Размешчаны ўздоўж мяжы Германіі і Чэхіі, паўн.-зах. акружэнне Чэшскага масіву. Даўж. каля 150 км, выш. 1244 м. Складзены пераважна з крышт. парод, пясчанікаў, кангламератаў. Р.г. — тыповы горст са стромкімі паўд. і больш пакатымі паўн. схіламі. Хвалістая вяршынная паверхня з асобнымі базальтавымі астанцамі ўкрыта лугамі і тарфянікамі, у якую глыбока ўрэзаны лясістыя цясніны. На схілах выш. 800—900 м — мяшаныя лясы, вышэй — тарфянікі, лугі. Радовішчы руд вальфраму, вісмуту, цынку, бурага вугалю. Тэрмальныя крыніцы, курорты.
т. 13, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)